З 14 по 16 чэрвеня на сцэне Гомельскага маладзёжнага тэатра пройдуць гастролі мінскага РТБД.
Фрагмент з п’есы «Пелікан».
«Кар’ера доктара Рауса»
14 чэрвеня
18:30
Людзi, якiя нарадзiлiся раней сваёй эпохi. Што мы ведаем пра iх? Сухія гістарычныя факты, даты і лічбы, партрэты ў падручніках. Ведаем iх дасягненні, якія сёння для нас натуральныя і незаўважныя. Але мы наўрад ці задумваемся аб тым, як такія людзі жылі, што адчувалі, як да іх ставіліся навакольныя i чаго iм каштавала апантанасць сваімі ідэямі, якая змяняла жыццё ўсяго чалавецтва. Кар’ера доктара Рауса – гісторыя чалавека, якi нарадзiўся значна раней сваёй эпохi. І імя яго – Францыск Скарына.
П’еса «Кар’ера доктара Рауса» В.Марціновіча брала ўдзел у конкурсе па стварэнні твораў для драматычнага тэатра «Францыск Скарына і сучаснасць» і атрымала дыплом першай ступені ў намінацыі «Сучасная п’еса».
«Пелікан»
15 чэрвеня
19:00
«Пелікан» – адна з пазнейшых, камерных п’ес вялікага шведскага драматурга Аўгуста Стрындберга.
Галоўная гераіня Эліза – маці сямейства – пэўны час параўноўвае сябе з пеліканам, прыгожай і загадкавай птушкай, якая, згодна з легендай, у бязвыхадных сітуацыях корміць сваіх дзяцей уласнай крывёю. Насамрэч, Эліза ўвесь час падманвае сваіх блізкіх, абкрадвае і здраджвае мужу, эканоміць на дзецях…
І толькі з пасмяротнага ліста бацькі дзеці даведваюцца пра жахлівы падман маці. Як жыць дзецям з гэтаю праўдаю, і як гэта навіна паўплывае на лёс усяго сямейства?
«А мне не сорамна!..»
15 і 16 чэрвеня
10:30
Каму? Каму не сорамна?
Тое і яно, што невядома каму!
Бо сорам – во ён, вясёленькі, ружовенькі, па сцежках лясных бадзяецца, скача, бавіцца. А бессаромны гаспадар дзе – невядома. А што ўтварыць ён можа, і падумаць страшна. Вой, не на дабро ўсё гэта. Хоць бы не сталася ў лесе якой страшнай бяды! Так што не выйдзе Зайцу з Бабром спакойна пра лета паразмаўляць, у восеньскія лісточкі пагуляцца, трэба выпраўляцца – бессаромніка шукаць, лес ратаваць. Нават Вожыка пабудзілі, бо без Вожыка ніяк, хто ж, як не Вожык, знае сто лясных дарожак. На тых сцежках-дарожках хто толькі не напаткаецца: і Лось, і Мядзведзь, і Свіння, і нават Ваўчаня. І нялёгка, вох, як нялёгка распазнаць, у каго сорам ёсць, у каго няма. Але сябры на тое і сябры, што ўсё ім пад сілу, калі яны разам.
Кошт квіткоў: 10-11 руб.
Замовіць: 75-25-30 і +375 44 744 35 62.
Фота: rtbd.by
Подпишитесь на наш канал в Яндекс.ДзенБольше интересных новостей - в нашем Telegram