«Мы ствараем атмасферу». Гамяльчанам паказалі «Маленькага прынца» ў беларускай агучцы

Гамяльчане паглядзелі мультфільм «Маленькі прынц» у беларускай агучцы. Адзіны паказ прайшоў у межах праекту «Беларускія ўікэнды». Гледачоў было шмат, таму арганізатары паабяцалі вярнуцца ў Гомель з новымі фільмамі.

Злева направа: прадстаўніца кампаніі velcom Ірына, кіраўнік праекта «Кінаконг» Андрэй Кім, акцёр Павел Харланчук.

Прафесійнай агучкай кіно на беларускую мову займаецца «Кінаконг». Пачынаўся ён як аматарская суполка.  Уласна агучаныя фільмы спачатку паказвалі ў прыватнай кампаніі, а потым выйшлі на сур’ёзны прафесійны ўзровень. Сёння праект «Кінаконг» адзіны такога кшталту ў краіне. «Беларускія ўікэнды» – адна з яго ініцыятыў.

– Сутнасць ініцыятывы ў тым, каб рабіць добрае кіно, прафесійна агучанае на беларускую мову, якое будуць паказваць у кінатэатрах. Ствараць асаблівую атмасферу, дзе будзе камфортна і тым, хто размаўляе па-беларуску, і тым, хто размаўляе па-руску, але любіць беларускую мову. Пачалі мы з менскіх кінатэатраў «Перамога» і «Масква». І кожнага разу збіралі аншлагі. Сотні людзей прыходзілі, каб паглядзець кіно ў беларускай агучцы. Нават былі дадатковыя паказы па замове гледачоў, –  распавёў кіраўнік праекта «Кінаконг» Андрэй Кім.

Праект падтрымала кампанія velcom, вядомая сваёй лаяльнасцю да беларускай мовы. І  «Беларускія ўікэнды» з мульцікам «Маленькі прынц» адправіліся ў рэгіёны. Паказы, акрамя Мінска, прайшлі ў Гродна і Магілёве. На Гомелі падарожжа завершыцца. Але арганізатары спадзяюцца, што гэта не апошні паказ фільмаў па-беларуску ў нашым горадзе ды і ў іншых. Поспех «Маленькага прынца» абнадзейвае. Агульная колькасць гледачоў на сеансах «Беларускіх уікэндаў» перавысіла 9 тысяч. А трэйлер у Інтэрнэце атрымаў ужо практычна мільён праглядаў.

– У верасні пакажам у Менску фільм «Форэст Гамп», ужо прадаюцца білеты. На жаль, у Гомель ён не прыедзе – не ўдалося дамовіцца з праваўладальнікамі. Але ў кастрычніку-лістападзе плануем упершыню паказаць на тэрыторыі ўсёй Беларусі (будзем звяртацца да ўсіх кінатэатраў рэспублікі) фільм «Шторм». Гэта прэм’ера 2017 года. Прычым яна не будзе выходзіць у рускай агучцы, толькі па-беларуску. Прыгодніцкі сямейны фільм пра XVI стагоддзе, Рэфармацыю неверагодна захапляльны, – намаляваў планы на будучыню Андрэй.

У агучцы «Маленькага прынца» прымаў удзел вядомы беларускі акцёр Павел Харланчук. Ён таксама прыехаў у Гомель, каб сустрэцца з журналістамі:

– Я з дзяцінства, калі глядзеў чэмпіянаты свету па футболе, перажываў за маленькіх. Заўсёды мне хацелася, каб маленькія перамагалі вялікіх. Зараз, на жаль, так адбываецца, што беларускую мову трэба падтрымліваць. І я яе падтрымліваю тым, што моцна люблю і ўжываю. Я не укладаю туды ніякіх грошай. Калі ёсць магчымасць нешта зрабіць для развіцця мовы, я раблю. Іграю ў беларускамоўных тэатрах, мне на генным узроўні гэта прыемна. І хацеў бы перадаць сваю любоў да мовы, да радзімы, да гісторыі іншым. Каб гэта было нашай будучыняй. Гэта такая асноўная задача. Хачу, каб нашае мінулае, сучаснае стала і будучым.

Павел прызнаўся: вельмі рады, што прыехаў на радзіму. Акцёр нарадзіўся і вырас у Навабеліцы.

– Гамеля вельмі сціплыя ў эмоцыях, але калі ўжо закахаліся, калі палюбілі, то да канца. Я не ведаю, колькі сёння людзей прыйдзе на мультфільм, але ўпэўнены, што гэта будуць самыя закаханыя гледачы. Яны потым разнясуць навіну па ўсім горадзе.

«Беларускія ўікэнды» адметныя яшчэ адной ініцыятывай. На беларускай мове выдадзена кніга «Маленькі прынц» у перакладзе Ніны Мацяш. Гэта першае выданне беларускага перакладу класічнага твора ў гісторыі незалежнай Беларусі. Частка накладу перададзеная ў гомельскія школы, каб школьнікі прывучаліся чытаць класіку на беларускай мове.

Фільмы ў беларускай агучцы можна паглядзець у Інтэрнэце на сервісах velcom «Вока» і «Атлант Тэлекам» iptv.

Аўтар: Алена Чарнабаева. Фота: Марыя Амеліна, vk.com/kinakongby

Читайте также:

Подпишитесь на наш канал в Яндекс.Дзен
Больше интересных новостей - в нашем Telegram

На платформе MonsterInsights